Родная мова – тое, што нас яднае…

«Зямлі маёй роднае слова!» – пад такім дэвізам у бібліятэцы-філіяле № 3 праходзіў тыдзень, прысвечаны Міжнароднаму Дню роднай мовы.

У рамках Тыдня ў бібліятэцы адбыўся шэраг мерапрыемстваў, якія былі накіраваны на раскрыццё прыгажосці беларускага слова, багацця і разнастайнасці моўных сродкаў, выхаванне жадання карыстацца роднай мовай.

Супрацоўнікі і карыстальнікі бібліятэкі з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі «Гавары са мной па-беларуску», што дало выдатную магчымасць чуць мілагучную родную мову на працягу тыдня. Былі арганізаваны кніжныя выставы «Мова – крыніца ўсёй прыгажосці», «Беларускія народныя стравы», «У храме слова Я.Купалы і Я. Коласа».

Таксама бібліятэку ў гэты час наведалі навучэнцы 8-ых класаў СШ № 16 імя Героя Савецкага Саюза А.М. Карасёва. Хлопчыкам і дзяўчынкам былі прапанаваны слайд-прэзентацыя «Роднай мовы гук чароўны» і інтэлектуальны турнір «Слова жывое, роднае, гаворкае… »

Удзельнікі мерапрыемства аднавілі свае веды па беларускай мове, даведаліся шмат цікавых звестак пра гісторыю развіцця беларускай мовы. Своеасаблівую атмасферу свята стварылі цікавыя заданні і конкурсы, накіраваныя на кемлівасць і выяўленне творчых здольнасцяў вучняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі дружна і зладжана, хутка спраўляліся з заданнямі і выказалі вялікую павагу да роднай мовы!

Спадзяемся, што нашы мерапрыемствы нікога не пакінулі абыякавымі, і мы змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць – любіць «зямлі бацькоўскай слова».