«Перуновага племені дзеці»

З легендаў і казак былых пакаленняў…
...Ты выткана, дзіўная родная мова.
Максім Танк

За зараджэнне беларускай мовы трэба быць удзячнымі нашым продкам і спадчыне, якая засталася пасля іх. А разам з мовай з даўніх часоў да нас прыйшла і культура, у якой змяшчаюцца міфы і паданні аб паганскіх багах, нячысціках і пачварах.

Гарадская дзіцячая бібліятэка запрасіла вучняў 1 і 19 сярэдніх школ прыняць удзел у мерапрыемстве «Перуновага племені дзеці», дзе кожны са старажытных славянскіх багоў падрыхтаваў для іх заданне.

Хлопцы і дзяўчынкі дазналіся аб пантыёне беларускіх багоў і розных міфічных істот з фальклору роднай краіны. Адгадалі загадкі аб прыродных з'явах ад Перуна, расклалі па чарзе беларускія месяцы, як гэта робіць Дажджбог, задобрылі Зюзю, каб больш не было маразоў, суаднеслі прадметы побыту з іх назвамі, за якімі сочыць Дамавік па гаспадарцы, і пагулялі ў іншыя забаўкі ад міфічных істот.

Дзеці далучыліся да гісторыі беларускай культуры праз міфы і заданні аб роднай мове.