Кніжны клуб «На Чытаючым бульвары»

Дванаццатая сустрэча ўдзельнікаў кніжнага клуба «На Чытаючым бульвары» адбылася 8 верасня ў «Арт-прасторы бібліятэкі». Роўна год збіраюцца чытачы бібліятэкі, каб пагаварыць аб прачытаных творах. Вядучая кніжнага клуба Лілія Лаўрэнчук падрыхтавала пісьмовую падзяку кожнаму ўдзельніку сустрэчы.

Тэма сустрэчы – аповесць Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт». Твор, напісаны класікам беларускай літаратуры ў 70-я гады мінулага стагоддзя, не губляе сваю актуальнасць і зараз. Гэта адзін з самых наватарскіх і дыскусійных твораў у беларускай ваеннай прозе. Аўтару ўдалося стварыць унікальны жаночы вобраз, супярэчлівы, жывы і адначасова гераічны.

Аповесць не пакінула абыякавым ні аднаго ўдзельніка сустрэчы. Чытачы выказалі свае думкі пра вобраз кожнага лірычнага героя, абмеркавалі складанасць адносін між людзьмі, працытавалі ўрыўкі з твора, выказалі сваё захапленне мілагучнасцю мовы, параўналі тэкст арыгінала з перакладам на рускую.

Вядучая кніжнага клуба Лілія Лаўрэнчук па-майстэрску накіроўвала размову, задавала канкрэтныя пытанні, падкрэслівала, наколькі ўдала валодае літаратурным словам беларускі класік.

Наступная сустрэча ўдзельнікаў клуба адбудзецца 29 верасня. Яе тэмай стане апавяданне Мікалая Ляскова «Тупейны мастак».