22 мая ў «Арт-прасторы бібліятэкі» сабраліся ўдзельнікі краязнаўчага аматарскага аб’яднання «Берасцейцы», каб разам павольна пачытаць услых. Для чытання і далейшага абмеркавання была прапанавана кніга Анатоля Брытуна «Стражнік пушчы». Удзел у сустрэчы прыняў сам аўтар.
Анатоль Арцёмавіч – цікавы суразмоўца. Ён распавёў слухачам пра гісторыю напісання сваіх твораў, прыпомніў адметныя выпадкі з жыцця, нагадаў людзей, якія паўплывалі на яго станаўленне як чалавека, так і пісьменніка.
«Белавежскі летапісец» – менавіта так клічуць чытачы Анатоля Брытуна. Падзеі ўсіх яго твораў адбываюцца ў Белавежскай пушчы. Не стаў выключэннем і «Стражнік пушчы». Раман у дэтэктыўна-прыгодніцкім стылі распавядае пра гістарычныя падзеі, якія адбываліся на прасторах Белавежскай пушчы ў канцы XVIII – першай палове XIX стагоддзяў. Сюжэтныя лініі твора ўяўляюць сабой пакручастае перапляценне жыццёвых лёсаў герояў, якія трапляюць у складаныя сітуацыі і стараюцца знайсці выйсце з іх у адпаведнасці са сваімі поглядамі, маральнымі прынцыпамі, грамадзянскімі пазіцыямі. «Я пісаў пра сваё, роднае, шчымлівае», – кажа сам пісьменнік пра свой новы твор.
Удзельнікі сустрэчы па чарзе прачыталі ўрывак «Стражніка пушчы», абмеркавалі літаратурныя і мастацкія асаблівасці выдання, паступова перайшлі да планаў пісьменніка на будучае.
Сустрэча атрымалася надзвычай цёплая, цікавая і змястоўная.
Берестейский календарь