Четырёхклассная прогимназия

 ЧАТЫРОХКЛАСНАЯ ПРАГІМНАЗІЯ
(зараз у будынку знаходзіцца адзін з корпусаў
Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна)

Брэсцкая мужчынская гімназія, сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова ў 1865–1915 гг. Была заснавана ў 1865 г. у Брэсце як 4-класная прагімназія. Налічвала каля 160 навучэнцаў. У 1901 г. была пераўтворана ў гімназію. Складалася з 8 асноўных, 4 паралельных (1–4-ы класы) і падрыхтоўчага класаў. Колькасць навучэнцаў ад 450 да 520. Вывучаліся руская, французская, нямецкая, лацінская мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка. У праграму ўваходзілі ўрокі па маляванні, чыстапісанні, музыцы, спевах і інш. Праваслаўны святар і ксёндз выкладалі Закон Божы, а законавучыцель іудзейскай веры – іудзейскае веравучэнне. Плата за навучанне ў гімназіі складала 55–65 руб., у падрыхтоўчым класе 50 – 60 руб. у год. На ўтрыманне гімназіі адпускалася ў год у залежнасці ад колькасці навучэнцаў: з дзяржаўнай казны 25–35 тыс. руб., з сум платы за навучанне 12–22 тыс., з гарадской казны – 300–800 руб.

Будынак мужчынскай гімназіі ў Брэсце быў узведзены ў 1903 г. па праекце ваеннага інжынера А. Трэццякова. Будынак быў цагляны, з характэрнымі для канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў элементамі архітэктуры. Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, П-падобны ў плане. Унутраная планіроўка калідорная, класныя пакоі арыентаваны на поўдзень. Па хадатайніцтве Гарадской Думы, 25 верасня 1904 г. мужчынская гімназія ў Брэсце атрымала назву: «Яго Імператарскай Высокасці Цэсарэвіча Аляксея Мікалаевіча поўная мужчынская гімназія».

У 1921 г. Брэст увайшоў у склад Польшчы і ў будынку мужчынскай гімназіі размясцілася прэстыжная ўстанова польскага Палескага ваяводства – дзяржаўная гімназія імя Рамуальда Траўгута. Тут вучыліся галоўным чынам дзеці служачых дзяржаўных устаноў (палякаў), у тым ліку дзеці асоб высокапастаўленых: дачкі суддзі і камандзіра Акругі Корпуса ХІХ генерала Траяноўскага, сын ваяводы Крахэльскага. Вучоба каштавала 11 залатых у месяц, а пры адсутнасці нездавальняючых адзнак у чвэрці плата скарачалася на палову, а некаторыя арганізацыі, у прыватнасці паддырэкцыя аддзялення чыгункі, цалкам пакрывала сваім работнікам і гэты расход. У кожным класе займаліся пара-тройка дзяцей з праваслаўных  і яўрэяў. Па дадзеных на 1929-1930 вучэбны год з 504 навучэнцаў 429 былі польскай нацыянальнасці, 49 – яўрэйскай, 23 – рускай, 2 – украінскай, 1 – беларускай. 249 былі з сям'і чыноўнікаў, 55 – рабочых, 33 – гандляроў, 31 – прамыслоўцаў, 28 – вольных прафесій, 22 – настаўнікаў, 19 – памешчыкаў, 16 – сялян і г. д.

Гімназія адрознівалася ад іншых вучэбных устаноў строгай дысцыплінай. Дзяўчынкам трэба было насіць цёмна-сінія сукенкі школьнага крою з белым каўнерыкам, а спадніца павінна быць у шырокую зморшчыну, панчохі карычневага колеру. Хлопчыкі хадзілі ў форменных касцюмах пад гальштукам. Размаўляць дазвалялася толькі па-польску, нават на перапынках, у сценах установы не павінна была гучаць «расейская мова», інакш маглі прапанаваць перайсці ў рускую гімназію. Выхаваўчыя гутаркі вяліся асобна з дзяўчынкамі і асобна з хлопчыкамі. На перапынках было не чуваць тлуму, размаўлялі напаўголаса.

Высокая якасць выкладання, дысцыпліна, узровень матэрыяльных магчымасцяў рабілі гэту навучальную ўстанову першай з роўных. Пачаткоўцы, калі траплялі ў гэтыя сцены, адчувалі шок – да бляску нацёрты масцікай мазаічны паркет, сцены, якія здаваліся заўсёды свежапафарбаванымі, кветкі, элегантныя плафоны па ўсёй даўжыні калідораў і ідэальная чысціня... На лесвіцы, якая вяла на другі паверх, ляжала аксамітавая дарожка. Прасторныя, добра абсталяваныя класы, прыгожая мэбля, выкладчыцкія сталы – кафедры, з трох бакоў агароджаныя ад цікавых поглядаў панэлькай. У гімназіі працавалі гурткі: навучэнцы маглі займацца гімнастыкай, танцамі, ставілі да святаў міні-спектаклі. Танцавальныя і ўрачыстыя вечары праходзілі ў зале на другім паверсе. Дырэктарам гімназіі ў той час быў Леон Наноўскі. Выкладчыкам у гімназіі за іх працу плацілі высокую аплату, а ў яе сценах быў сабраны самы моцны ў горадзе педагагічны калектыў.

З 1939 г. па 1941 г. у будынку гімназіі размяшчалася школа з сучасным навучаннем, у 1941-1946 ваенных гадах – шпіталь. Потым там знаходзіўся настаўніцкі інстытут. У 1955-1960 гг. у будынку быў дабудаваны трэці паверх.

Зараз у будынку былой гімназіі размешчаны адзін з навучальных карпусоў Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна. У ім размяшчаецца чатыры факультэты: замежных моў, псіхолага-педагагічны, філалагічны і сацыяльна-педагагічны.


Літаратура:
1. Брэсцкая мужчынская гімназія  // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі :  у 6 т. Т. 2. Мінск. 1994.  С. 97.
2. Забаўскі М. М. Брэсцкая мужчынская гімназія / М. М. Забаўскі // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 180.
3. Вечеринка 1937 года // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 235–237.
4. Гимназия им. Траугутта // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев.  Брест, 2007. С. 230–232.
5. Пане профессорже // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 233–234.
6. Сарычев, В. В. Гимназия им. Траугутта / Сарычев, В. В // Вечерний Брест. 2005. 11 февр. С.8.