Борисюк Василий (Барысюк Васіль). Восеньскі вечар у Берасці

На гэтых вуліцах знянацку
Свае ўспаміны сустракаю:
Банальнае, але юнацтва –
Люблю, пакутую, кахаю…

Як насланнё тых дзевяностых:
Каму – разборкі, мне – натхненне
І лік – не гамбургскі, а просты.
Прайшлі гады – набыткаў жменя:

Ні хаты ўласнае, ні справы,
Сяброў няма, не стала вершаў
І нават мар пра мары славы.
Я не найгоршы, не найлепшы.

Мой страх аплочаны штодзённы
Па найвялікшаму з тарыфаў:
Быць не сабой, а толькі клонам,
і некрыжовы шлях сізіфаў…

Я сам уражаны не мала
Такім жахлівым пералікам
І ў якасці самавандала
Павінен бы сыходзіць крыкам.

Але ступаючы па лісці,
Што з нараджэння і да скону
Жыве тым ладам, што й калісьці,
Адным кіруецца законам,

Я ведаю, што ўсё магчыма,
Што ўсё цудоўна і дарэмна.
Маё юнацтва за плячыма –
Маё то крылле, то бярэмя…