«Імгненні і працяг» Васіля Барысюка

У шматгалоссі дзіўнай цішыні
Не згасне плынню першая крыніца:
Збягуць у чалавечнасць ночы, дні,
А сэрца ўсё не перастане біцца,

– радкі верша з новай кнігі берасцейскага аўтара. У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна Васіль Барысюк прэзентаваў свой першы самастойны паэтычны зборнік «Імгненне і працяг».

Васіль Пятровіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Малыя Корчыцы Кобрынскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Інстытут журналістыкі БДУ. Член «Беларускага саюза журналістаў» і «Саюза пісьменнікаў Беларусі». Жыве ў Брэсце, працуе спецыяльным карэспандэнтам «Беларускай лясной газеты».

На прэзентацыю зборніка вершаў у канферэнц-зале бібліятэкі сабраліся родныя і сябры паэта, калегі па творчым аб’яднанням, прыхільнікі яго творчасці. Васіль Пятровіч пазнаёміў прысутных з асноўнымі вехамі сваёй творчай біяграфіі, з цяплом успомніў сваіх настаўнікаў, прачытаў вершы са зборніка «Імгненне і працяг». У ім – вершы, напісаныя аўтарам на працягу вялікага перыяду: са студэнцкіх гадоў да сённяшніх дзён. Тэмы твораў самыя разнастайныя: гісторыя і сучаснасць, асоба і сусвет, сяброўства і каханне. Ілюстрацыі да вершаў намалявала дачка паэта Алена.