Левченко Зинаида Николаевна

(1925, Расія – 1980),
архітэктар, аўтар шэраг праектаў у Брэсце,
заслужаны архітэктар Беларусі

Зінаіда Мікалаеўна Леўчанка нарадзілася 3 сакавіка 1925 г. у г. Навачэркаску Растоўскай вобласці (РСФСР) у сям’і служачага. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. З чэрвеня 1942 г. пачала працаваць у прыфрантавых авіарамонтных майстэрнях. У 1949 г. скончыла Харкаўскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Працавала архітэктарам у Валгаградзе. З 1951 г. – у Брэсцкім філіяле Беларускага дзяржаўнага праектнага інстытута «Белдзяржпраект», дзе прайшла шлях ад радавога архітэктара да галоўнага спецыяліста. Галоўны накірунак творчасці З. М. Леўчанка – архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў. Аўтар праектаў размяшчэння жылога і культурна-бытавога будаўніцтва ў Брэсцкай вобласці (1959–1965). Паводле праектаў Зінаіды Мікалаеўны пабудавана мноства дамоў у жылых раёнах г. Брэста. З’яўляецца аўтарам дэталёвай планіроўкі жылога раёна Паўднёвы г. Брэста (1962).
Асноўныя работы ў Брэсце: жылы дом на пл. Леніна (1959), кафэ «Маладзёжнае» па вул. Савецкай (1960), Дом будаўнічых арганізацый (1966), комплекс будынкаў Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1967; у сааўтарстве), дзевяціпавярховая гасцініца «Беларусь» (1971), эксперыментальная сярэдняя школа № 10 з архітэктурна-мастакім ухілам па вул. Крывашэiна (1979; у сааўтарстве).
З 1963 г. – член Саюза архітэктараў Беларускай ССР. У 1971 г. З. М. Леўчанка было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны архітэктар Беларускай ССР». З 1975 г. працавала галоўным спецыялістам-архітэктарам тэхаддзела інстытута «Брэстграмадзянпраект».
Зінаіда Мікалаеўна актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Неаднаразова выбіралася дэпутатам Брэсцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Узнагароджана медалямі: «За оборону Кавказа», «За Победу над Германией», «За трудовое отличие», «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина».
Зінаіда Мікалаеўна заўчасна памерла 16 мая 1980 г. ва ўзросце 55 гадоў.

Літаратура:

1. Леўчанка Зінаіда Мікалаеўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 73–74.
2. Левченко Зинаида Николаевна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 15–16.
3. Левченко Зинаида Николаевна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 424.
4. Леўчанка Зінаіда Мікалаеўна // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 622.
5. Леўчанка Зінаіда Мікалаеўна // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Минск : БелЭн, 1993. С. 594.
6. Левченко Зинаида Николаевна // Архитекторы Советской Белоруссии : биогр. справочник. Минск : Беларусь, 1991. С. 63.
7. Леўчанка Зінаіда Мікалаеўна / А. А. Воінаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 247.
8. «Брестгражданпроект» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 102–103.
9. Брэстграмадзянпраект / М. С. Такоеў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 481–482.
10. «Беларусь» : [гостиница в г. Бресте] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 80.
11. З. И. Левченко : [некролог] / Группа товарищей // Заря. 1980. 20 мая.