Вандроўкi з Кнiжнай феяй

Хлопчыкам i дзяўчынкам СШ № 15 вельмi падабаецца сябраваць з рознымi дзiўнымi iстотамi. Больш таго, яны з задавальненнем наведваюць дзiцячую бiблiятэку на набярэжнай, таму што менавiта там можна сустрэць i лясуна, i бабку Ягу, i iншых казачных герояў.

Але самыя цiкавыя сустрэчы адбываюцца тады, калi ў бiблiятэку завiтае пiсьменнiк, якi гэтых iстот i прыдумляе.

Аднойчы чытачы-другакласнiкi нечакана сустрэлi сярод палiц сапраўдную Кнiжную фею, у вобразе якой з'явiлася Кацярына Хадасевiч-Лicавая.

Але ж дзецi адразу пазналi яе i пачалi пытацца пра новыя кнiжныя прыгоды.

Пiсьменнiца паведамiла, што сёлета ў выдавецтве «ЗВЯЗДА» выйшла шмат яе новых кнiг, таксама рыхтуюцца да выданняў i перавыданняў i iншыя прыгоды. Але ёсць яшчэ такiя, якiя цiхенька ляжаць у чароўных рукапiсах i чакаюць свайго часу.

Кніжная фея запрасiла юных чытачоў у iнтэрактыўнае вандраванне па казках Хадасевiч-Лiсавой.

Кожнае выданне здзiўляла i ўражвала дзяцей: вось кнiга-перакрутка, гэта – кнiга-гульня, а там – прыгоды з QR-кодамi. Цуд, ды i толькi!

Але i сама аўтарка здзiўляе прысутных – прыдумляе ўсё новыя i новыя гульнi: пачаставаць цмока, павандраваць па iншых планетах, не спалохацца жахлiўчыкаў.

Трэба адзначыць, што пасля такой сустрэчы ўсiм прысутным захацелася набыць хоць адну з кнiг i разам павандраваць з цiкавымi героямi па таямнiчых казачных мясцiнах.

Прыходзьце i вы да нас! Будзем вандраваць разам!