Татарников Юрий Иванович

Педагог, мастак, які працаваў ў станкавым жывапісе і акварэлі.

Юрый Іванавіч Татарнікаў нарадзіўся 10 жніўня 1941 г. у г. Ліўні Арлоўскай вобласці. У 1945 г., пасля таго, як яго бацька, Іван Феадосьевіч, франтавік, які дайшоў да Берліна, дэмабілізаваўся, сям’я пераехала ў Брэст. У 1958 г. Юрый скончыў сярэднюю школу № 13. У школьныя гады ён паспяхова займаўся ў студыіі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Пятра Аляксеевіча Данеліі пры Доме народнай творчасці. Там і выявіўся яго талент, упартасць і настойлівасць у дасягненні мэты.

Пасля тэрміновай службы ў Савецкай арміі Юрый Татарнікаў вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. У час вучобы ажаніўся на аднакурсніцы Валянціне Панок, ураджэнцы Гродзеншчыны, з якой, атрымаўшы дыпломы, вярнуўся ў родны Брэст.

З 1969 па 1975 гг. Ю. І. Татарнікаў працаваў настаўнікам у СШ № 19, а наступныя чатыры гады – у Брэсцкім тэхнікуме чыгуначнага транспарту. З 1979 г. выкладаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю ў Брэсцкай дзіцячай мастацкай школе, дырэктарам якой быў Аляксандр Аляксандравіч Алонцаў.

Юрый Іванавіч з 1973 г. актыўна ўдзельнічаў у абластных, рэспубліканскіх выставах. Вынікам шматгадавой творчай працы стаў прыём у члены грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў», у які ён быў прыняты ў 1997 г. адначасова з жонкай, Валянцінай Аляксандраўнай, і сынам Паўлам. У 2001 г. правёў сваю персанальную выставу ў Брэсце, а наступная была арганізавана ў Мастацкім музеі г. Брэста ў 2011 г. – ужо пасля яго адыходу.

Юрый Татарнікаў пісаў сваеасабліва, ён ніколі ні з кім не раіўся, нічога не пытаў, спадзяючы толькі на сябе самаго, і ў выніку ствараў цудоўныя жывапісныя творы. Мастаком была створана цікавая серыя жывапісных твораў «Лёс»: «Лета і жыта», «Восень. Дарогі», «Зіма – уцёкі», «Вясна – спакой», «Доўгая ноч», «Я – жывы»; трыпціх акварэляў «Транспарт».

Працаваў пераважна ў станковым жывапісе і акварэлі, ствараючы запамянальныя вобразы гарадскіх краявідаў: «Гандлёвыя рады», «Новабудоўлі», «Вуліца Савецкая», «Старая сцяна», «Зіма», «Стары двор», «Плошча Свабоды», «Поле». Брэст быў для Юрыя Іванавіча, як і для многіх іншых мастакоў, галоўным месцам натхнення ў творчасці.

«Я – жывы!» – так ён назваў сваю апошнюю жывапісную работу. Юрый Татарнікаў нечакана памёр 5 мая 2005 г., не паспеўшы паўдзельнічать у выставе, прысвечанай 60-годдзю Вялікай Перамогі, да якой сур’ёзна рыхтаваўся, бо тэма вайны і міру праходзіла праз усю яго творчасць.

Ён быў незвычайны чалавек, рэдкі па дабрыні і адкрытасці, гатоўнасці дапамагчы кожнаму. І яго любілі ўсе – і свае дзеці, радня, сябры, і выхаванцы школы, і проста суседзі, усе тыя, з кім зводзіла жыццё. Юрый Іванавіч быў задаволены сваім лёсам, жонкай, сям’ёй, у яго была вельмі дружная і таленавітая сям’я.

Жонка, Валянціна Татарнікава-Панок, працавала ў мастацкіх майстэрнях камбіната «Мастацтва», выконвала дызайнерскія і афарміцельскія работы. Яе творы ёсць ў розных тэхніках, у жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, станковай графікі (акварэль, пастэль), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але працуе пераважна ў акварэлі.

Па слядах бацькоў-мастакоў рушылі іх дзеці і ўнукі. Сын, Павел Юр’евіч Татарнікаў, скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (1995), дацэнт кафедры графікі БДАМ, працуе ў жанры графікі і кніжнай ілюстрацыі, акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва (2001), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2011). Дачка, Святлана Юр’еўна, скончыла БДАМ, займаецца кніжнай графікай, рэкламай, як і яе муж Сяргей Расолька. Іх сын Мікіта таксама скончыў БДАМ.

Літаратура:

1. Юрый Татарнікаў : [рэпрадукцыя «Я жывы»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 122–123.
2. Юрий Татарников : [репродукция «Зима – побег» из серии «Судьба»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков. Минск : А. Климов, 2002. С. 118–119.
3. Валасюк, Л. «Я – жывы!» : [рэпрадукцыі: «Я жывы» («Гармонія»); «На вуліцы Савецкай Брэста»] / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2014. С. 108–109, 278.
4. Юрий Татарников // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650.
5. Гармель, Е. Дыхание времени : [об открытии выставки Ю. И. Татарникова в Художественном музее г. Бреста] / Елена Гармель // Заря. 2011. 13 августа. С. 9.
6. Подолинская, Д. Дыхание памяти : [о художнике Ю. И. Татарникове] / Дарья Подолинская // Вечерний Брест. 2011. 12 августа. С. 7.
7. Павлова, Л. «Я живой» : [о художнике Ю. И. Татарникове] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 11 августа (№ 32). С. 7.
8. Свинтилова, Н. Улыбка как визитная карточка : [о художнике Ю. И. Татарникове] / Наталья Свинтилова // Вечерний Брест. 2005. 20 мая.
9. Гришкевич, С. Картины пишут отец и сын : [о выставке Юрия и Павла Татарниковых] / Сергей Гришкевич // Заря. 2001. 4 сентября.
10. Кобяк, Э. Семейный вернисаж : [о художественной выставке семьи Татарниковых] / Э. Кобяк // Заря. 1997. 8 апреля.